25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Літве прапануюць аднавіць чыгуначную лінію да Гродна, устанавіўшы новае злучэнне з Друскінінкаем. Такую ініцыятыву агучыў міністр транспарту і камунікацый Літвы Яраслаў Наркевіч на нефармальнай сустрэчы міністраў. Аб гэтым гаворыцца на сайце ўрада Літвы, паведамляе БЕЛТА.
"Абноўленыя чыгуначныя зносіны з Гроднам будуць садзейнічаць развіццю турызму, грузавых перавозак і будуць мець эканамічныя перавагі. Курорт Друскінінкай стане больш даступным для жыхароў іншых гарадоў Літвы і суседняга горада Гродна ў Беларусі, дасць магчымасць прыцягнуць дадатковыя турыстычныя патокі", - сказаў Яраслаў Наркевіч.
Чакаецца, што пасля аднаўлення ўчастка чыгункі Марцінконіс - Друскінінкай - дзяржаўная граніца з Беларуссю стануць даступнымі маршруты Вільнюс - Друскінінкай, Вільнюс - Гродна, Друскінінкай - Гродна, Варэна - Друскінінкай. На думку ўлад Літвы, гэта зменшыць колькасць транспартных сродкаў на дарогах, што акажа станоўчы ўплыў на скарачэнне забруджвання навакольнага асяроддзя і знізіць колькасць аварый.
На сайце ўрада таксама адзначылі, што па адноўленай чыгуначнай лініі будуць перавозіць амаль 180 тыс. пасажыраў і 1,5 млн т грузаў. Праект па стварэнні чыгуначнай лініі можа быць рэалізаваны праз 4 гады.