23 ліпеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 22 ліпеня сустрэчу з даверанымі асобамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Перыяд востры. Вы, напэўна, ужо самі адчулі", - адзначыў у пачатку мерапрыемства кіраўнік дзяржавы. Ён расказаў, што спецыяльна папрасіў арганізаваць гэту сустрэчу менавіта цяпер, паколькі давераныя асобы правялі ўжо шэраг сустрэч з выбаршчыкамі і мелі магчымасць адчуць сітуацыю.
"Пасля гэтага пачатковага перыяду ёсць аб чым пагаварыць. Я не збіраюся вам выдаваць інструкцыі. Тым больш што мой пункт гледжання вы ведаеце. Зразумела, ён зведвае нейкія змяненні. Не ў плане таго, што я адмаўляюся ад таго, што гаварыў у самым пачатку. А ў сувязі з тым, што змяняецца сітуацыя, абстаноўка, і вельмі хутка змяняецца. Таму ёсць пытанні, якія мы павінны з вамі абмеркаваць. Самае галоўнае, я павінен адказаць на тыя пытанні, якія, вы ўжо адчулі, нашы людзі задаюць вам на сустрэчах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб складзе групы давераных асоб, Прэзідэнт адзначыў, што на гэты раз да яе фарміравання паставіліся вельмі акуратна і нават з хваляваннем. "Гэта не проста людзі аўтарытэтныя, гэта, безумоўна, людзі, якія фарміруюць меркаванні ў нашым грамадстве. Але і людзі, якія сёння працуюць з дзеючым кіраўніком дзяржавы. Значыць, зразумела, ад яго маюць адпаведныя ўладныя паўнамоцтвы. Менавіта так вас і будуць разглядаць людзі. Калі вы прыходзіце ў калектывы, яны так на вас і глядзяць", - заўважыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка расказаў: перш чым зацвердзіць групу давераных асоб, разглядаліся біяграфіі гэтых людзей, вывучаліся рэкамендацыі з месцаў, калі ў іх была неабходнасць. "Гэта мне ўсё дакладвалася. Напэўна, з трэцяга разу мы толькі зацвердзілі адпаведныя спісы. Я быў катэгарычна супраць, каб у яго ўвайшлі ўсе нашы губернатары, як гэта было некалі. Яны і так будуць працаваць. Мы вельмі доўга фарміравалі гэтыя спісы. І апошні варыянт, які быў выпрацаваны, я з ім згадзіўся", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён дадаў, што ведае ўсіх, хто ўвайшоў у лік давераных асоб, хоць з некаторымі з іх мог раней і не сутыкацца непасрэдна. "Зразумела, што нам трэба будзе прайсці няпросты гэты перыяд. Ён дарагога будзе каштаваць, гэтыя два-тры тыдні, якія засталіся да выбараў. Пры гэтым я прашу мець на ўвазе, і гэта людзям трэба даводзіць, што выбарамі жыццё наша не заканчваецца і праблемы, якія ў нас ёсць, і яны будуць, гэтым не заканчваюцца. Ці тое яшчэ будзе пасля выбараў", - звярнуў увагу Прэзідэнт.