22 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ліга арабскіх дзяржаў (ЛАД) зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва з Беларуссю. Аб гэтым паведаміў сёння дырэктар дэпартамента Еўропы ЛАД Ібрагім Махайлдзін на сустрэчы з паслом Беларусі ў Егіпце, пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Лізе арабскіх дзяржаў Сяргеем Рачковым, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
У ходзе сустрэчы адбыўся абмен думкамі па шырокім коле міжнародных і рэгіянальных пытанняў. Бакі закранулі вынікі агульнапалітычнай дыскусіі 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН.
Ібрагім Махайлдзін адзначыў зацікаўленасць ЛАД у пашырэнні супрацоўніцтва з Беларуссю, у тым ліку праз развіццё ўзаемадзеяння з Еўразійскім эканамічным саюзам, а таксама ва ўдзеле ў пашырэнні беларускай ініцыятывы аб падтрымцы каштоўнасцей традыцыйнай сям'і.
Бакі дасягнулі дамоўленасці аб вызначэнні ключавых напрамкаў супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЛАД, распрацоўцы праграмы развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння.