2 сакавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Аўстрыі Алена Купчына 2 сакавіка ўручыла даверчыя граматы Федэральнаму прэзідэнту Аўстрыі Аляксандру Ван дэр Белену, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў беларускай дыпламатычнай місіі ў Вене.
Цырымонія адбылася ў Вене ў палацы Хофбург. Пасля яе завяршэння бакі абмяняліся думкамі наконт стану і перспектыў развіцця беларуска-аўстрыйскага супрацоўніцтва, у тым ліку ў кантэксце 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі. Быў таксама абмеркаваны шэраг актуальных пытанняў міжнароднага і рэгіянальнага парадку дня.
Федэральны прэзідэнт з задавальненнем адзначыў пазітыўную дынаміку развіцця беларуска-аўстрыйскіх і беларуска-еўрапейскіх адносін і выказаў надзею на іх далейшае паспяховае развіццё. Аляксандр Ван дэр Белен выказаў удзячнасць беларускаму боку за дзейнасць па ўвекавечанні памяці ахвяр лагера смерці Малы Трасцянец, у ліку якіх былі каля 10 тыс. аўстрыйскіх грамадзян.
У сваю чаргу Алена Купчына падкрэсліла гатоўнасць Беларусі да пашырэння і паглыблення супрацоўніцтва з дружалюбнай Аўстрыяй ва ўсіх сферах, інтэнсіфікацыі партнёрскага дыялогу з Еўрасаюзам, акцэнтавала ўклад нашай краіны ў забеспячэнне рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці.