27 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Аўстрыі і Харватыі па сумяшчальніцтве Алена Купчына ў час сустрэчы з Прэзідэнтам гэтай краіны, кіраўніцтвам Міністэрства замежных і еўрапейскіх спраў і парламентарыямі падкрэсліла гатоўнасць Беларусі паглыбляць двухбаковае супрацоўніцтва. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС.
У Заграбе Алена Купчына 27 сакавіка ўручыла даверчыя граматы Прэзідэнту Харватыі Каліндзе Грабар-Кітаравіч. "У час сустрэчы бакі абмеркавалі стан і перспектывы развіцця беларуска-харвацкага супрацоўніцтва, у тым ліку ў кантэксце 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Харватыяй, а таксама шэраг актуальных пытанняў міжнароднага і рэгіянальнага парадку дня", - расказалі ў ведамстве.
Беларускі пасол таксама правяла сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Міністэрства замежных і еўрапейскіх спраў Харватыі Здраўкай Бузіч, намеснікам міністра замежных і еўрапейскіх спраў Горданам Бакота, старшынёй камітэта па міжнародных справах Парламента Харватыі Міра Ковачам і яго намеснікам Ёшка Клісавічам, старшынёй харвацка-беларускай міжпарламенцкай групы дружбы Іванам Пернарам.
"Бакі абмеркавалі актуальныя пытанні беларуска-харвацкіх адносін у розных галінах, узаемадзеянне Беларусі з Еўрапейскім саюзам, развіццё супрацоўніцтва ў АБСЕ. Алена Купчына падкрэсліла гатоўнасць беларускага боку да пашырэння і паглыблення супрацоўніцтва з Харватыяй, інтэнсіфікацыі партнёрскага дыялогу з ЕС, акцэнтавала ўклад нашай краіны ў забеспячэнне рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці", - адзначылі ў МЗС.