12 верасня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Еўразійскі эканамічны саюз, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва і БРІКС з'яўляюцца для Беларусі ключавымі аб'яднаннямі. Аб гэтым заявіў пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой 12 верасня на сесіі "ЕАЭС-БРІКС: роля ў фарміраванні новага шматпалярнага свету" на VIII Усходнім эканамічным форуме ва Уладзівастоку, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"У бліжэйшай перспектыве - гэта самыя сапраўдныя макрарэгіёны. Гэта арганізацыі, у якіх абсалютна зразумелыя мэты і вельмі падобная філасофія - гэта раўнапраўны ўдзел. Беларусь за 10 гадоў актыўнага ўдзелу ў ЕАЭС ні разу не зведвала ніякай дыскрымінацыі, нейкага прыгнёту: абсалютны кансэнсус, магчымасць выказацца, раўнапраўе, партнёрства, улік інтарэсаў, павага гэтых інтарэсаў, неўмяшанне ў эканамічную палітыку, якую праводзяць самі краіны. Гэта вельмі важныя прынцыпы, якіх, на мой погляд, не хапае той жа глабальнай Поўначы, калі яе так можна назваць", - сказаў Дзмітрый Крутой.
Ён нагадаў, што Беларусь стаяла ля вытокаў ЕАЭС. "Гэта наш некан'юнктурны выбар, мы адна з краін-заснавальніц, - заўважыў пасол. - Рух да ШАС Беларусь пачала ў 2010 годзе ў якасці партнёра па дыялогу і вось у самай бліжэйшай перспектыве ўжо аформім паўнацэннае членства. Сапраўды, Беларусь была ў першай хвалі краін, якія заявілі аб жаданні стаць членам БРІКС. Пры падтрымцы Расійскай Федэрацыі мы спадзяёмся ўжо ў наступнай хвалі, скажам так, на адабрэнне нашай заяўкі".
Што датычыцца развіцця супрацоўніцтва аб'яднанняў, Дзмітрый Крутой прапанаваў захоўваць пастаянны высокі ўзровень палітычных узаемаадносін: "Важна заўсёды падтрымліваць высокі ўзровень палітычны - дамоўленасцей, сустрэч лідараў нашых краін, яны вельмі важныя. І, вяртаючыся да ідэі нашага Прэзідэнта аб сумесным саміце ЕАЭС, ШАС і БРІКС, я думаю, калі ён адбудзецца, гэта будуць сур'ёзныя інтэграцыйныя рашэнні і пэўны прарыў у развіцці канцэпцыі інтэграцыі".
Акрамя таго, упэўнены пасол, вопыт Еўразійскага эканамічнага саюза па зняцці ўнутраных бар'ераў у гандлі неабходна выкарыстоўваць пры развіцці эканамічнага ўзаемадзеяння з іншымі аб'яднаннямі. "Узаемны гандаль краін ЕАЭС і БРІКС вырас толькі за адзін год на 40 працэнтаў нават ва ўмовах безразважных санкцый, якія накладзены на Расію і Беларусь. А доля БРІКС у агульным тавараабароце Еўразійскага эканамічнага саюза перасягнула ўжо 30 працэнтаў, гэта дзве вельмі важныя лічбы. Але для нарошчвання гэтых аб'ёмаў мы, вядома, павінны вельмі хутка і сістэмна ацаніць усе фактары, што сёння перашкаджаюць узаемнаму гандлю таварамі і паслугамі, і выпрацаваць механізмы, з дапамогай якіх мы гэтыя фактары будзем пераадольваць", - заявіў пасол.