27 студзеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой 26 студзеня ў Маскве правёў сустрэчу з паслом Сірыйскай Арабскай Рэспублікі ў Расійскай Федэрацыі Башарам Джаафары, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускай дыпмісіі.
"Адбыўся разгорнуты абмен меркаваннямі па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва, узаемадзеяння Беларусі і Сірыі ў міжнародных арганізацыях, сітуацыі ў рэгіёне Блізкага Усходу і актуальнай міжнароднай праблематыцы, - расказалі ў пасольстве. - Бакі далі высокую ацэнку візіту прэм'ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі ў Сірыю ў лістападзе 2022 года і абмеркавалі крокі па рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых па выніках перагавораў кіраўнікоў урадаў Беларусі і Сірыі. Важная роля ў гэтай рабоце належыць сумеснай беларуска-сірыйскай камісіі па гандлёвым, эканамічным і тэхнічным супрацоўніцтве, дзявятае пасяджэнне якой плануецца правесці ў гэтым годзе ў Дамаску".
У якасці значных напрамкаў развіцця гандлёва-эканамічных сувязей пасол Беларусі абазначыў вялікі патэнцыял у сферы сельскай гаспадаркі, сельскагаспадарчую, грузавую, дарожную аўтатэхніку, якая вырабляецца ў нашай краіне, а таксама пашырэнне кантактаў паміж дзелавымі коламі дзвюх краін, перш за ўсё па лініі Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і Федэрацыі гандлёвых палат Сірыі.
"Дзмітрый Крутой падкрэсліў, што Беларусь нязменна выступае за суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Сірыі, спыненне любога знешняга націску і ўмяшання ў яе ўнутраныя справы, - адзначылі ў прэс-службе. - Башар Джаафары звярнуў увагу на 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі, якое Беларусь і Сірыя будуць адзначаць у 2023 годзе, падкрэсліўшы, што Сірыя разглядае Беларусь у якасці надзейнага партнёра ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах".
Закранаючы шматбаковы парадак дня, Дзмітрый Крутой і Башар Джаафары ўзаемна пацвердзілі традыцыйна высокі ўзровень беларуска-сірыйскага ўзаемадзеяння і падтрымкі ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях, выказалі нацэленасць і далей прытрымлівацца гэтага курсу з апорай на Статут ААН і прынцыпы міжнароднага права.
"Бакі канстатавалі дружалюбны характар адносін паміж нашымі краінамі і выказаліся за прадаўжэнне канструктыўнага беларуска-сірыйскага дыялогу на ўсіх узроўнях", - рэзюмавалі ў прэс-службе.