2 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі Дамінік Газюі абмеркавалі пачатак работы па Парыжскім пагадненні па клімаце ў час сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ведамства.
Субяседнікі станоўча ацанілі ступень узаемадзеяння ўсіх партнёраў у працэсе падрыхтоўкі новага глабальнага кліматычнага дакумента, які быў падпісаны краінамі - членамі ААН у красавіку 2016 года ў Нью-Ёрку.
Акрамя таго, дыпламаты адзначылі важнасць прадаўжэння сумеснай работы дзяржаўных органаў, міжнародных арганізацый, навуковых колаў і грамадскіх аб'яднанняў па стварэнні механізмаў рэалізацыі Парыжскага пагаднення.
Валянцін Рыбакоў падкрэсліў, што Беларусь разглядае рэалізацыю міжнародных праектаў і праграм у галіне змянення клімату як вельмі перспектыўны напрамак. Па выніках сустрэчы бакі выказалі гатоўнасць прадаўжаць супрацоўніцтва па гэтай тэме як на двухбаковым, так і шматбаковым узроўнях.