31 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Краіны АДКБ у перыяд старшынства Беларусі плануюць ініцыіраваць сумесныя мерапрыемствы з ААН. Аб гэтым расказаў Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Андрэй Дапкюнас у час спецыяльнага пасяджэння Савета Бяспекі ААН, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў Беларусі.
Пасяджэнне, у якім прыняў удзел Андрэй Дапкюнас, было прысвечана супрацоўніцтву ААН з рэгіянальнымі арганізацыямі па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі - Арганізацыяй Дагавора аб калектыўнай бяспецы, Садружнасцю Незалежных Дзяржаў і Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва. Члены Савета Бяспекі, дзяржавы - удзельніцы трох рэгіянальных аб'яднанняў, кіраўнікі сакратарыятаў ААН, АДКБ, СНД і ШАС абмеркавалі перспектывы сумеснай работы.
У сваім выступленні ад імя дзяржаў - членаў АДКБ Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН выклаў асноўныя падыходы да выбудоўвання партнёрскіх адносін паміж АДКБ і ААН. Андрэй Дапкюнас адзначыў, што ў перыяд старшынства Беларусі ў АДКБ дзяржавы - члены гэтай арганізацыі плануюць ініцыіраваць шэраг сумесных з ААН сустрэч і мерапрыемстваў па найбольш актуальных міжнародных пытаннях. Зыходзячы са сваёй перакананасці ў непадзельнасці міру, бяспекі і прагрэсіўнага ўстойлівага развіцця, Беларусь і іншыя краіны АДКБ будуць садзейнічаць калектыўнай рабоце міжнародных арганізацый для ўмацавання міру і бяспекі.
Таксама размова ішла аб тым, што шматфункцыянальнасць АДКБ дае магчымасць весці практычнае ўзаемадзеянне з ААН па многіх напрамках: міратворчасць, барацьба з тэрарызмам і наркагандлем, пераадоленне наступстваў надзвычайных сітуацый, процідзеянне гандлю людзьмі і нелегальнай міграцыі.