30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дырэктар Швейцарскага Чырвонага Крыжа Маркус Мадэр і кіраўнік дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва ШЧК Беат фон Дайнікен упершыню наведаюць Беларусь 3-5 красавіка, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА спецыяліст па камунікацыі Швейцарскага Чырвонага Крыжа ў Беларусі Паўліна Іванько.
Госці азнаёмяцца з выкананнем праграмы Швейцарскага Чырвонага Крыжа ў нашай краіне і абмяркуюць перспектывы далейшага партнёрства, у тым ліку па прыярытэтным для 2018-2020 гадоў напрамку - умацаванні патэнцыялу БТЧК па павышэнні якасці паслуг медыка-сацыяльнай дапамогі дома, удасканаленні сістэмы прыцягнення рэсурсаў для ўстойлівай работы і папулярызацыі здаровага старэння і актыўнага даўгалецця.
Запланаваны сустрэчы з кіраўніцтвам Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, работнікамі і валанцёрамі яго арганізацый, якія актыўна ўдзельнічалі ў рэалізацыі сумесных праектаў. Акрамя сталіцы Маркус Мадэр і Беат фон Дайнікен наведаюць Віцебск, Наваполацк і Багушэўск Сенненскага раёна Віцебскай вобласці.
"Плануецца падпісанне пагаднення аб далучэнні да Платформы аб партнерстве, супрацоўніцтве і каардынацыі дзейнасці. Яна прызначана аб'яднаць намаганні нацыянальных таварыстваў, Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа і Міжнароднай Федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца па рэалізацыі стратэгічных напрамкаў БТЧК", - дадала генеральны сакратар БТЧК Вольга Мычко.
Швейцарскі Чырвоны Крыж аказвае экспертную і фінансавую падтрымку Беларусі з 1994 года. У першыя гады дапамога была накіравана на фінансаванне Службы сясцёр міласэрнасці БТЧК і падтрымку праграмы "Чарнобыльская гуманітарная дапамога і рэабілітацыя". Потым падтрымка распаўсюдзілася і на такія напрамкі, як развіццё медыка-сацыяльнай дапамогі дома, работа з супольніцтвамі, прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, здаровае і актыўны старэнне. У тым ліку ва ўсіх названых сферах дзякуючы швейцарскім партнёрам была ўкаранёна мадэль, заснаваная на прынцыпе актыўнага ўдзелу саміх бенефіцыяраў.