23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў, кіраўнік рабочай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з Парламентам Чэшскай Рэспублікі Віктар Гумінскі сустрэўся ў ходзе візіту ў Чэхію са старшынёй Сената Парламента Чэшскай Рэспублікі Міланам Штэхам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.
"Мілан Штэх выказаўся за актывізацыю дыялогу паміж Беларуссю і Чэхіяй ва ўмовах новых палітычных рэалій", - адзначылі ў прэс-службе.
Таксама быў абмеркаваны шырокі спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва. Віктар Гумінскі адзначыў канструктыўную пазіцыю Чэхіі ў пытанні наладжвання адносін Беларусі з Еўрапейскім саюзам. Пры гэтым бакі сышліся на думцы, што неабходна шукаць новыя ўзаемавыгадныя формы супрацоўніцтва. Яго асновай павінны стаць гандлёва-эканамічныя адносіны.
Тэма гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва абмяркоўвалася і на сустрэчы беларускай дэлегацыі з выканаўчым дырэктарам Чэшскай гандлёва-прамысловай палаты па краінах СНД Францішакам Масапустам. "На сустрэчы абмеркаваны пытанні ўдзелу беларускіх і чэшскіх суб'ектаў гаспадарання ў выставачных мерапрыемствах і інвестыцыйных форумах у Беларусі і Чэхіі", - растлумачылі ў прэс-службе. Кіраўніцтву гандлёва-прамысловай палаты быў перададзены пакет перспектыўных інвестыцыйных прапаноў.