29 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пакет дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва падпісаны па выніках пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў у фармаце відэаканферэнцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адным з ключавых дакументаў, унесеных на разгляд Савета кіраўнікоў урадаў, стаў праект стратэгіі эканамічнага развіцця СНД на перыяд да 2030 года. У дакуменце адлюстраваны ўзгодненыя падыходы краін Садружнасці адносна мэт, асноўных задач, напрамкаў супрацоўніцтва і механізмаў міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ў эканамічнай сферы. Як расказаў старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, паступала прапанова аб тым, каб у цэлым адобрыць гэты дакумент і адначасова даручыць Выканкаму СНД сумесна з дзяржавамі дапрацаваць праект стратэгіі з улікам новых акалічнасцей, звязаных з пандэміяй COVID-19.
"Выканкам СНД праводзіў актыўныя кансультацыі з прадстаўнікамі дзяржаў па гэтым пытанні, прапануючы магчымыя варыянты вырашэння. Большасць выступае за зацвярджэнне сёння стратэгіі ў тым выглядзе, у якім яна была адобрана Эканамічным саветам СНД. Што датычыцца новых момантаў, якія ўзніклі ў нашым эканамічным узаемадзеянні з-за пандэміі, то іх мы абавязкова адлюструем у плане па рэалізацыі стратэгіі. Работу па падрыхтоўцы гэтага плана мы ўжо вядзём і прадставім яго на наступным пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў", - адзначыў ён. Па выніках пасяджэння стратэгія была зацверджана.
Кіраўнікі ўрадаў падпісалі пагадненні аб сумеснай (аб'яднанай) сістэме сувязі ўзброеных сіл дзяржаў - удзельніц СНД, а таксама аб заснаванні і функцыянаванні Сеткавага ўніверсітэта СНД. Зацверджаны стратэгіі супрацоўніцтва краін СНД на 2021-2030 гады ў маладзёжнай сферы ў галіне турызму, фізічнай культуры і спорту на 2021-2030 гады, а таксама асноўныя мерапрыемствы супрацоўніцтва краін СНД у галіне культуры на 2021-2025 гады.
Адобраны прагноз вытворчасці і спажывання энергарэсурсаў краін СНД на перыяд да 2030 года. Зацверджаны таксама прыярытэтныя напрамкі супрацоўніцтва краін СНД у сферы транспарту на перыяд да 2030 года і план мерапрыемстваў, прысвечаных Году архітэктуры і горадабудаўніцтва ў СНД у 2021 годзе.
Акрамя таго, на пасяджэнні зацвердзілі новую рэдакцыю палажэння аб конкурсе на саісканне прэміі СНД за дасягненні ў галіне якасці прадукцыі і паслуг.