19 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністрамі замежных спраў краін СНД прынята сумесная заява аб умацаванні ролі міжнароднага права. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Дэпартаменце гуманітарнага супрацоўніцтва, агульнапалітычных і сацыяльных праблем Выканаўчага камітэта СНД.
У сумеснай заяве пацвярджаецца, што прынцып суверэннай роўнасці з’яўляецца адным з ключавых для забеспячэння стабільнасці міжнародных адносін. Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў лічаць недапушчальным выкарыстанне асобнымі дзяржавамі мер эканамічнага націску або прымушэння ў адносінах да іншых дзяржаў і зноў пацвярджаюць важнасць прынцыпу неўмяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў.
У дакуменце змешчаны заклік прадаўжаць сумесную работу па ўмацаванні дзеючай сістэмы дамоўленасцей па раззбраенні, нераспаўсюджванні і кантролі над узбраеннямі. Акрамя таго, адзначаецца неабходнасць аб’яднання намаганняў і комплекснага падыходу для папярэджання тэрарызму і барацьбы з ім у адпаведнасці з міжнародным правам, выказваецца гатоўнасць актывізаваць узаемавыгаднае і ўзаемапаважлівае супрацоўніцтва ў сферы абароны правоў чалавека.
Сумесная заява прынята 18 сакавіка ў рабочым парадку. Подпісы пад дакументам паставілі міністры замежных спраў Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана.