21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Штогадовая сустрэча міністраў замежных спраў краін Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы (ЦЕІ) пройдзе 22 чэрвеня ў Мінску. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
"Асноўнай тэмай дыскусіі ў час форуму стане ўзрастаючая роля краін - членаў ЦЕІ ў пашырэнні сумяшчальнасці і ўзаемадапаўняльнасці розных інтэграцыйных працэсаў у Вялікай Еўропе, уключаючы аб'яднанне намаганняў у процістаянні новым пагрозам стабільнасці ў рэгіёне і ўмацаванне прагматычнага эканамічнага супрацоўніцтва паміж рознымі інтэграцыйнымі фарматамі", - расказалі ў прэс-службе.
У час сустрэчы міністраў будзе таксама разгледжана пытанне рэфармавання ЦЕІ ў святле новых выклікаў і змяненняў у рэгіёне Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы, якія адбыліся за апошняе дзесяцігоддзе.
Мяркуецца, што ў мерапрыемстве прыме ўдзел кіраўніцтва знешнепалітычных ведамстваў Беларусі, Сербіі, Босніі і Герцагавіны, Венгрыі, Славакіі, Аўстрыі, Румыніі, Італіі, Польшчы, Чэхіі, Харватыі і Малдовы, а таксама Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, Савета рэгіянальнага супрацоўніцтва, прадстаўніцтва ЕС у Беларусі, дыпламатычных місій краін - членаў ЦЕІ, акрэдытаваных у Беларусі.