25 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова прыняў прэм'ер-міністр КНДР Кім Док Хун. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Бакі падвялі вынікі перагавораў беларускай дэлегацыі ў Пхеньяне, выказаліся аб неабходнасці актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва ў сферах адукацыі, аховы здароўя і сельскай гаспадаркі. Разгледжана ўзаемадзеянне на міжнароднай арэне і канстатаваны высокі ўзровень разумення паміж краінамі па асноўных пытаннях глабальнага парадку дня. Кім Док Хун перадаў самыя цёплыя пажаданні прэм'ер-міністру Беларусі Раману Галоўчанку.
У ходзе работы ў Пхеньяне беларуская дэлегацыя ўсклала вянок да манумента "Вызваленне", правяла перагаворы ва ўніверсітэце імя Кім Ір Сена і Пхеньянскім педагагічным інстытуце. З удзелам першага намесніка міністра адукацыі Аляксандра Бахановіча дасягнуты дамоўленасці аб развіцці міжвузаўскага ўзаемадзеяння.
Максім Рыжанкоў таксама наведаў шэраг сацыяльных аб'ектаў і азнаёміўся з функцыянаваннем сацыяльнай інфраструктуры Пхеньяна.