27 кастрычніка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Міністры замежных спраў Беларусі і Расіі Уладзімір Макей і Сяргей Лаўроў падпісалі праграму ўзгодненых знешнепалітычных дзеянняў дзвюх краін на 2016-2017 гады. Дакумент парафіраваны сёння ў Маскве па выніках праведзенага сумеснага пасяджэння калегій МЗС Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уладзімір Макей растлумачыў журналістам, што праграма ўзгодненых знешнепалітычных дзеянняў будзе зацверджана Вышэйшым дзяржсаветам Саюзнай дзяржавы. "Гэта паглыблены, шматфункцыянальны, сістэмны дакумент, які ахоплівае ўсе сферы супрацоўніцтва, - сказаў міністр. - Ён з'яўляецца для нашых міністэрстваў дакументам прамога дзеяння".
Сёння па выніках калегіі быў падпісаны план кансультацый паміж знешнепалітычнымі ведамствамі Беларусі і Расіі на 2016 год. Паводле слоў Уладзіміра Макея, план уключае ў сябе шырокі пералік тэм - 28 напрамкаў у рамках каардынацыі знешнепалітычных дзеянняў.
Міністр замежных спраў Беларусі адзначыў, што адным з важнейшых напрамкаў супрацоўніцтва дзвюх краін з'яўляецца іх узаемадзеянне на пляцоўцы ААН. "Зыходзім з таго, што агульнай задачай Беларусі і Расіі на міжнароднай арэне з'яўляецца пошук вырашэння глабальных і рэгіянальных праблем", - сказаў ён.
Яшчэ адным важным пытаннем, што стаіць на парадку дня ва ўзамадзеянні беларускага і расійскага знешнепалітычных ведамстваў, Уладзімір Макей назваў знешнепалітычнае суправаджэнне еўразійскага інтэграцыйнага працэсу. Ён нагадаў, што Беларусь у якасці старшынствуючай у ЕАЭС унесла прапанову ў ААН аб прадастаўленні саюзу статусу наглядальніка.
Міністр таксама падкрэсліў, што для Беларусі важна збліжэнне дзвюх інтэграцыйных платформ - ЕС і ЕАЭС. "Менавіта ў час старшынства Беларусі ЕС перададзены нашы адпаведныя прапановы", - сказаў ён. Пры гэтым Уладзімір Макей падкрэсліў, што, безумоўна, збліжэнне зойме даволі працяглы час. "Але галоўнае - зрабіць першы крок і бачыць далейшую перспектыву", - рэзюмаваў ён.