26 чэрвеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Кіраўнікі МЗС Беларусі і Латвіі абмеркавалі міжнароднае супрацоўніцтва ў пераадоленні наступстваў пандэміі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
"Па ініцыятыве латвійскага боку адбылася тэлефонная размова міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Макея з міністрам замежных спраў Латвійскай Рэспублікі Эдгарсам Рынкевічсам, - расказалі ў прэс-службе. - Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў абмеркавалі праблематыку процідзеяння каранавіруснай інфекцыі ў Беларусі і Латвіі і меры па ўмацаванні міжнароднага супрацоўніцтва ў пераадоленні наступстваў пандэміі".
Па просьбе латвійскага боку Уладзімір Макей пракаменціраваў бягучую сітуацыю, звязаную з правядзеннем прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі.
Міністры замежных спраў абмеркавалі шэраг актуальных пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама ўзаемадзеянне Беларусі і ЕС, уключаючы ініцыятыву "Усходняе партнёрства".
Бакі дамовіліся аб падтрыманні аператыўных кантактаў.