27 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Абмен візітамі на вышэйшым і высокім узроўнях абмяркоўваўся 27 красавіка на сустрэчы ў Пекіне міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з кіраўніком знешнепалітычнага ведамства КНР Ван І. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Як праінфармавалі ў прэс-службе, на сустрэчы "абмеркаваны актуальныя пытанні двухбаковых адносін, у тым ліку абмену візітамі на вышэйшым і высокім узроўнях, кантактаў паміж парламентамі дзвюх краін". Міністры закранулі таксама пытанні правядзення ў 2016 годзе ў Беларусі другога пасяджэння беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве, перспектывы спрашчэння візавага рэжыму, а таксама ўзаемадзеянне на міжнароднай арэне.
Уладзімір Макей і Ван І з задавальненнем адзначылі высокую дынаміку развіцця двухбаковых адносін паміж Беларуссю і Кітаем.
Кіраўнік МЗС Беларусі знаходзіцца з рабочым візітам у Пекіне, дзе ўдзельнічае ў пасяджэнні міністраў замежных спраў краін - членаў Нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі (НУМДА). У прэс-службе МЗС адзначылі, што Уладзімір Макей на сустрэчы падзякаваў кітайскаму калегу за запрашэнне на гэта пасяджэнне, у якім Беларусь упершыню прымае ўдзел у якасці дзяржавы-наглядальніка. Статус наглядальніка пры НУМДА Беларусь атрымала ў красавіку 2015 года.
Нарада па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі - гэта буйны рэгіянальны форум па развіцці і ўмацаванні супрацоўніцтва, бяспекі, эканамічнага росту і стабільнасці ў Азіі. Узаемадзеянне дзяржаў - членаў НУМДА ажыццяўляецца ў рамках прыярытэтных напрамкаў: эканоміка, экалогія, гуманітарнае і ваенна-палітычнае супрацоўніцтва, барацьба з новымі выклікамі і пагрозамі (тэрарызм, адмыванне незаконных даходаў, кантрабанда наркотыкаў, гандаль людзьмі).
Нарада аб'ядноўвае 26 краін Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі, Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Статус наглядальніка пры Нарадзе акрамя Беларусі маюць Бангладэш, Інданезія, Ліван, Малайзія, Злучаныя Штаты Амерыкі, Украіна, Філіпіны, Японія