21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік будзе прысутнічаць у Іране на афіцыйнай жалобнай цырымоніі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
"У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы Беларусь на афіцыйнай жалобнай цырымоніі ў памяць загінулых Прэзідэнта Ісламскай Рэспублікі Іран Эбрахіма Раісі, міністра замежных спраў Ісламскай Рэспублікі Іран Хасейна Аміра Абдалахіяна і асоб, якія суправаджалі іх, прадставіць міністр замежных спраў Сяргей Алейнік", - паведамілі ў МЗС.
Пахаванне Прэзідэнта Ірана Эбрахіма Раісі пройдзе 23 мая ў яго родным горадзе Мешхед на паўночным усходзе краіны. Цырымонія развітання пройдзе спачатку ў Тэбрызе, потым яго цела накіруюць у Кум, Тэгеран, Бірджэнд, а потым ўжо ў Мешхед.
Як паведамлялася, 19 мая ў іранскай правінцыі Усходні Азербайджан пацярпеў крушэнне верталёт з Прэзідэнтам Ірана Эбрахімам Раісі. Разам з кіраўніком Ісламскай Рэспублікі ляцелі міністр замежных спраў Хасейн Амір Абдалахіян, губернатар правінцыі Усходні Азербайджан Малек Рахмаці, пятнічны імам горада Тэбрыз Махамад Алі Але Хашэм і начальнік прэзідэнцкай аховы. Усе пасажыры і экіпаж верталёта загінулі.
Раней Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванне Вярхоўнаму лідару Ісламскай Рэспублікі Іран Алі Хаменеі ў сувязі з трагічнай гібеллю Прэзідэнта гэтай краіны і шэрага высокапастаўленых кіраўнікоў. У адкрытай у пасольстве Ірана кнізе спачуванняў ад імя Прэзідэнта Беларусі зроблены запіс са словамі шчырых спачуванняў. "У маёй памяці ён назаўсёды застанецца як вельмі прафесійны і мудры палітык, які вельмі шмат зрабіў для ўмацавання беларуска-іранскіх адносін. Перадаю словы падтрымкі і пажаданні стойкасці духу ў сувязі з гэтай цяжкай стратай сем'ям, сябрам і калегам загінулых, глыбока смуткую разам з усім іранскім народам", - гаворыцца ў тэксце.