26 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Кіраўнікі МЗС АДКБ заявілі аб неабходнасці аб'яднання намаганняў краін - удзельніц арганізацыі ў барацьбе з COVID-19. Аб гэтым паведаміў кіраўнік расійскага знешнепалітычнага ведамства Сяргей Лаўроў па выніках праведзенага сёння ў відэафармаце пасяджэння Савета міністраў замежных спраў АДКБ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сяргей Лаўроў адзначыў, што ўдзельнікі пасяджэння не змаглі абысці пытанне ўзаемадзеяння бакоў ва ўмовах распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі і былі вымушаны ўнесці карэкціроўкі ў парадак дня пасяджэння. "Сітуацыя пацвердзіла запатрабаванасць стварэння сістэмы рэагавання на пагрозы ў гэтай сферы - сферы біялагічнай бяспекі. Калі гаварыць у комплексе - неабходнасць наладжвання сумеснай работы ў рамках нашай агульнай эпідэміялагічнай прасторы, - сказаў ён. - Сёння ў крызісных умовах лічым асабліва неабходным аб'яднанне намаганняў і зладжаныя калектыўныя захады. Мы з калегамі адзіныя ў тым, што заява дзяржаў - членаў АДКБ па салідарнасці і ўзаемадапамозе ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй у поўнай меры адлюстроўвае прынцыповае і паслядоўнае развіццё нашай арганізацыі".
Сяргей Лаўроў паведаміў, што прынятая кіраўнікамі МЗС краін АДКБ заява аб аб'яднанні намаганняў у барацьбе з COVID-19 будзе апублікавана сёння.
У сваю чаргу генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась па просьбе карэспандэнта БЕЛТА ўдакладніў, што ў дакуменце кіраўнікі МЗС АДКБ падкрэслілі вядучую ролю Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй.