7 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пачалася чарговая комплексная праверка будаўніцтва Беларускай АЭС, паведамілі БЕЛТА ў Дзяржатамнаглядзе.
Комплексная праверка будаўніцтва блокаў нумар 1 і нумар 2 Беларускай АЭС прадоўжыцца да 16 чэрвеня.
Мэтай правядзення комплекснай праверкі з'яўляецца ацэнка адпаведнасці дзейнасці, якая ажыццяўляецца правяраемымі арганізацыямі, патрабаванням нарматыўных прававых актаў, у тым ліку тэхнічных нарматыўных прававых актаў Беларусі, у адпаведнасці з якімі павінны праводзіцца работы па будаўніцтве і ўводзе ў эксплуатацыю АЭС.
Акрамя комплексных праверак на пляцоўцы Беларускай АЭС, устаноўлены рэжым пастаяннага нагляду, які ажыццяўляецца інспектарамі Дзяржатамнагляду, а таксама іншых кантрольных (наглядных) органаў.
Кіруе камісіяй па правядзенні комплекснай праверкі начальнік аддзела арганізацыі нагляду за ядзернай і радыяцыйнай бяспекай ядзерных установак Дзяржатамнагляду Максім Мазурэнка, яе ўдзельнікамі з'яўляюцца прадстаўнікі кантралюючых (наглядных) органаў - Дзяржатамнагляду, Дзяржстандарту, а таксама органы дзяржаўнага санітарнага нагляду.
Рашэнне аб правядзенні комплекснай праверкі, тэрмінах, кіраўніку, складзе камісіі і пытаннях, якія падлягаюць праверцы, прынята рабочай групай па каардынацыі нагляду за будаўніцтвам Беларускай АЭС.
Беларуская АЭС - праект па будаўніцтве атамнай электрастанцыі новага пакалення "тры плюс" з двума энергаблокамі ВВЭР-1200 МВт, які рэалізуецца за 18 км ад Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі - у 2020-м.-0-