6 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Колькасць бюджэтных месцаў у ВНУ павялічылі, платных - скарацілі. Аб гэтым далажыў міністр адукацыі Андрэй Іванец на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы па бягучых пытаннях уступнай кампаніі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Міністр адзначыў, што ў гэтым годзе ва ўстановы вышэйшай адукацыі ў цэлым плануецца прыняць больш за 50 тыс. чалавек. "З іх 28,4 тыс. - на бюджэтныя месцы. Хацеў бы падкрэсліць, што гэта павелічэнне на 600 месцаў. Сёння дзяржава зацікаўлена ў тым, каб рыхтаваць спецыялістаў. Мы з'яўляемся сацыяльна арыентаванай дзяржавай і забяспечым неабходныя ўмовы", - сказаў Андрэй Іванец.
Пры гэтым набор на платную форму навучання ў ВНУ скарочаны на 1,5 тыс. чалавек, адзначыў міністр. "У гэтым годзе ён складзе 23,5 тыс. Але пры гэтым мы на тысячу месцаў павялічылі прыём у каледжы на бясплатнае. Калі малады чалавек хацеў паступіць ва ўніверсітэт на платнае, мы сёння даём магчымасць паступіць у каледж. Пасля каледжа - калі ласка, паступай ва ўніверсітэт", - дадаў ён.
Сярод новаўвядзенняў - і зніжэнне набору ў сталічныя ВНУ. Ён скараціўся больш як на 500 месцаў. Аднак разам з тым на 10 працэнтаў павялічаны набор на медыцынскія спецыяльнасці, на 4,5 працэнта - на педагагічныя.