26 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кодэкс або статут дзяржаўнага служачага хочуць распрацаваць у Беларусі. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Ёсць закон аб дзяржаўнай службе. Цяпер у яго ўносяцца дапаўненні і змяненні па запланаванай праграме - у бягучым годзе і прадугледжвалася перагледзець гэты закон. Але разам з тым сёння была пастаўлена задача, і мы будзем разглядаць гэта, - распрацаваць, магчыма, статут дзяржаўнага служачага, магчыма, кодэкс. Фармалізаваць усе патрабаванні ў адзіным дакуменце - гэта правільна", - сказала Наталля Качанава.
У час нарады, на якой разглядаўся комплекс пытанняў у сферы дзяржаўнай службы, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў у першую чаргу гаварыць аб узмацненні патрабаванняў, якія павінны выстаўляцца да чыноўнікаў, а потым ужо абмяркоўваць павышэнне прэстыжу дзяржслужбы. "Калі вы прыйшлі да мяне з прапановамі аб павышэнні грашовага забеспячэння і зарплат дзяржслужачым, нават не ўзнімайце гэта пытанне, яно раз і назаўсёды вырашана", - адразу папярэдзіў Прэзідэнт.
Удзельнікі нарады сышліся на думцы, што неабходна перагледзець закон аб дзяржаўнай службе, разам з тым мэтазгодна падрыхтаваць своеасаблівы статут або кодэкс дзяржслужачага. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэты дакумент павінен быць абсалютна справядлівым і празрыстым, у ім неабходна прапісаць кожную дэталь, каб любы чалавек, які нават не мае адносін да дзяржаўнай службы, разумеў сутнасць гэтага заканадаўчага акта.
На думку Наталлі Качанавай, прачытаўшы такі статут або кодэкс, той, хто жадае пайсці на дзяржслужбу, павінен зразумець, наколькі адказная такая работа, якія перавагі яна мае і ці гатовы ён акунуцца ў гэту сферу.
У час нарады таксама было вырашана стварыць рабочую групу, прычым не з ліку дзяржслужачых, якая разгледзіць усе ўзнятыя пытанні і ўнясе свае прапановы па рэалізацыі намечанага.
Прэзідэнт паставіў задачу, каб абмяркоўваемыя дакументы былі падрыхтаваны ў бліжэйшыя месяцы і запрацавалі ўжо з новага года.
"Задачы, якія сёння ставяцца, у асноўным рэалізуюцца праз тых людзей, якія працуюць на дзяржаўнай службе, у рэспубліканскіх органах улады. Таму, разглядаючы прэстыж дзяржслужбы і гаворачы аб нейкіх прэферэнцыях, перш за ўсё трэба разглядаць пытанні больш строгіх патрабаванняў да людзей, якія сёння працуюць у органах улады. Дзяржаўная служба накшталт воінскай, і людзі павінны разумець, што гэта не проста нейкія прывілеі, гэта перш за ўсё служба на карысць радзімы і народа", - звярнула ўвагу кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.