22 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кодэкс аб культуры можа ўступіць у сілу ў канцы 2016-га- пачатку 2017 года. Аб гэтым паведаміла сёння ў час анлайн-канферэнцыі "Праект Кодэкса аб культуры: абмяркуем разам" на сайце БЕЛТА першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга.
"Кодэкс аб культуры павінен уступіць у сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання. Цяпер ідзе падрыхтоўка праекта дакумента да другога чытання ў Палаце прадстаўнікоў. Калі праект будзе прыняты на вясенняй сесіі, то магчыма яго ўступленне ў сілу ў канцы 2016-га або пачатку 2017 года", - растлумачыла Ірына Дрыга.
Цяпер адносіны ў сферы культуры ў краіне рэгулююць 7 законаў, больш як 10 указаў Прэзідэнта, амаль 40 пастаноў урада, больш як 100 нарматыўных прававых актаў Міністэрства культуры і прыкладна такая ж колькасць прававых актаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. "Такая колькасць нарматыўных прававых актаў стварае цяжкасці ў працэсе правапрымянення і не садзейнічае комплекснаму рэгуляванню грамадскіх адносін у сферы культуры", - заўважыла першы намеснік міністра.
Разам з тым, паводле яе слоў, нарматыўныя прававыя акты ў сферы культуры дзейнічаюць працяглы час, маюць устойлівы характар і атрымалі апрабацыю на практыцы. "Такім чынам, склаліся ўсе ўмовы для кадыфікацыі заканадаўства аб культуры: набыта дастатковая нарматыўная прававая база і ёсць магчымасць вычлянення абагульняючых норм", - лічыць Ірына Дрыга.
У Кодэкс уключаны нормы 7 законаў, 4 указаў Прэзідэнта, 20 пастаноў Савета Міністраў і 25 пастаноў Міністэрства культуры. Гэта будзе садзейнічаць спрашчэнню прымянення норм заканадаўства ўсімі суб'ектамі культурнай дзейнасці, у тым ліку ўстановамі культуры.