9 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Камітэт дзяржаўнай бяспекі фіксуе беспрэцэдэнтны націск на краіну і планы па дэстабілізацыі сітуацыі ў бліжэйшы час. Аб гэтым расказаў журналістам старшыня КДБ Іван Тэртэль пасля даклада Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У ходзе даклада кіраўніку дзяржавы акрэслены асноўныя праблемы, звязаныя з забеспячэннем нацыянальнай бяспекі, і тыя пагрозы, якія фарміруюцца ў сферы знешнепалітычнай дзейнасці, унутранай сітуацыі. У цэлым мы канстатуем, што абстаноўка ў краіне стабільная", - заявіў старшыня КДБ.
Разам з тым у КДБ звяртаюць увагу на некалькі момантаў. "Першае - на беспрэцэдэнтны націск на нашу дзяржаву з боку замежных партнёраў, звязаны з санкцыйнай палітыкай і некаторымі іншымі рэчамі. Другое - гэта спробы, і даложана аб канкрэтных асобах, планах, дэстабілізацыі сітуацыі ў бліжэйшы час. Мы гаворым аб перыядзе 25-27 сакавіка", - расказаў ён.
Паводле слоў Івана Тэртэля, КДБ таксама адзначае рост тэрарыстычных пагроз. "На жаль, яны адбываюцца з тэрыторыі нашых суседзяў, як правіла, сумежных дзяржаў", - канстатаваў кіраўнік ведамства.
"У цэлым камітэт працуе. Ёсць канкрэтнае даручэнне кіраўніка дзяржавы па мінімізацыі тых пагроз. Будзем працаваць, нацэлены на эфектыўнае вырашэнне задач. Абстаноўка ў краіне, паводле нашых ацэнак, будзе стабільнай, і праваахоўныя органы маюць дастаткова сіл і сродкаў для рэагавання на розныя пагрозы", - запэўніў Іван Тэртэль.
Адказваючы на пытанне, як у КДБ ацэньваюць сітуацыю ў краіне, яе дынаміку, Іван Тэртэль сказаў: "Відавочна, гэта падкрэсліваюць і нашы замежныя партнёры (афіцыйна, неафіцыйна), дыпламатычны корпус, што востры перыяд у развіцці сітуацыі, які быў характэрны для другой палавіны 2020 года, вычарпаны. Сітуацыя стабільная".
Разам з тым ён канстатаваў, што так званыя замежныя падрыўныя цэнтры і спецслужбы, якія стаяць за імі, зацікаўленыя палітычныя колы робяць спробы па аднаўленні пратэснай актыўнасці, дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне ў веснавы перыяд. "Аб гэтым вядома было раней, на працягу некалькіх месяцаў анансавалася. Мы гатовы да гэтага і прымем усе меры для таго, каб асобы і арганізацыі, якія зробяць такія спробы, панеслі адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам", - заявіў кіраўнік КДБ.
Ён таксама пацвердзіў раней агучаную кіраўніком дзяржавы інфармацыю аб затрыманні групы асоб і канфіскацыі ў іх арсеналаў са зброяй і боепрыпасамі. "Канфіскавалі вялікую колькасць зброі, боепрыпасаў, сродкаў дыстанцыйнага падрыву выбуховых рэчываў. Гэта даволі высокага ўзроўню прафесіяналы", - расказаў Іван Тэртэль.