23 верасня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Віцэ-прэм'ер Наталля Качанава ўзначаліць беларускую дэлегацыю на Еўразійскім жаночым форуме, які пройдзе ў Санкт-Пецярбургу 24-25 верасня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе пасольства Беларусі ў Расіі.
Чакаецца, што ў час форуму адбудуцца сустрэчы Наталлі Качанавай са спікерам Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянцінай Мацвіенка і дзяржаўным сакратаром Казахстана старшынёй Нацыянальнай камісіі па справах жанчын і сямейна-дэмаграфічнай палітыцы пры Прэзідэнце Рэспублікі Казахстан Гульшарай Абдыкалікавай.
На форум прыбудуць дэлегаты з 80 дзяржаў. У іх ліку - дэпутаты, прадстаўнікі выканаўчых органаў улады, дзелавых колаў, навуковай супольнасці і грамадскіх арганізацый, аўтарытэтныя дзеячы міжнародных жаночых рухаў.
У праграме Еўразійскага жаночага форуму запланаваны пленарнае пасяджэнне, шэраг панэльных дыскусій і круглых сталоў. У час правядзення мерапрыемстваў у Таўрычаскім палацы будуць працаваць тэматычныя выстаўкі. Старшынёй аргкамітэта форуму з'яўляецца Валянціна Мацвіенка.