12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання выбрана Наталля Качанава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Старшыня Савета Рэспублікі выбрана тайным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў у час першага пасяджэння першай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу восьмага склікання. Кандыдатуру Наталлі Качанавай члены Савета Рэспублікі сваім выбарам падтрымалі аднагалосна.
Вылучаючы кандыдатуру Наталлі Качанавай на пасаду старшыні Савета Рэспублікі, член Савета Рэспублікі Міхаіл Русы ахарактарызаваў яе як чалавека справы. "Узначаліўшы Савет Рэспублікі, яна ўзняла на новы высокі ўзровень значнасць верхняй палаты парламента па ўзроўні эфектыўнасці прыняцця рашэнняў, па ўдзеле членаў Савета Рэспублікі ва ўзаемадзеянні з мясцовымі органамі ўлады па вырашэнні надзённых пытанняў. За кароткі час ёй таксама ўдалося ўзняць на новы ўзровень жаночы рух у Беларусі, работу з моладдзю. Я ўпэўнены, што Наталля Іванаўна забяспечыць выкананне тых патрабаванняў, якія перад намі будуць пастаўлены Прэзідэнтам і народам", - адзначыў Міхаіл Русы.
Наталля Качанава запэўніла членаў Савета Рэспублікі, што прыкладзе ўсе свае сілы, веды і вопыт на карысць народа і нашай краіны. "На сустрэчы з парламентарыямі сёмага склікання Прэзідэнт даў высокую ацэнку нашай рабоце. І нам гэту планку нельга апускаць. Трэба працаваць гэтак жа, прымнажаючы тыя дасягненні, якія пакінулі нам калегі з папярэдніх скліканняў", - падкрэсліла спікер.