2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава правяла сёння ў Мінску сустрэчу з міністрам па справах палаца Прэзідэнта Сірыі Мансурам Аззамам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На сустрэчы было адзначана, што Мансур Аззам раней ужо бываў у Мінску. У 2010 годзе ён суправаджаў Прэзідэнта Сірыі Башара Асада, які наведваў Беларусь з афіцыйным візітам.
"Я ўпэўнена, што ў гэты візіт вы лепш пазнаёміцеся з Беларуссю, яе гісторыяй, культурай. Думаю, вам будзе даволі цікава даведацца, як пабудавана вертыкаль улады ў нашай краіне", - сказала Наталля Качанава.
Яна канстатавала, што з 2015 года беларуска-сірыйскія адносіны актывізаваліся, краіны маюць вялікі патэнцыял для нарошчвання двухбаковага супрацоўніцтва і вываду яго на больш высокі ўзровень.
Міністр па справах палаца Прэзідэнта Сірыі 1-5 красавіка наведвае з рабочым візітам Беларусь. У яго запланаваны шэраг афіцыйных сустрэч, наведванне Мінскага аўтамабільнага завода, спартыўных і гісторыка-культурных аб'ектаў.