21 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі назначана Наталля Качанава, першым намеснікам - Максім Рыжанкоў. Адпаведныя кадравыя рашэнні 21 снежня прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы паставіў канкрэтныя задачы па рэфармаванні Адміністрацыі Прэзідэнта, аптымізацыі і дэбюракратызацыі работы ўсяго дзяржапарату, узаемадзеянні Адміністрацыі Прэзідэнта з галінамі ўлады, у тым ліку на мясцовым узроўні праз памочнікаў Прэзідэнта.
Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы даручыў звярнуць на ідэалагічную і кадравую работу.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы звярнуцца да некаторых пытанняў функцыянавання Адміністрацыі Прэзідэнта. "Але перш за ўсё хачу сказаць публічна аб тым (нават не ведаю, як гэта назваць - ці то ўкіды, ці то меркаванні ў СМІ наконт назначэнняў у Адміністрацыі Прэзідэнта), што я пачуў гэтыя прапановы і ад нашых апазіцыйна мыслячых грамадзян, і ад так званай апазіцыі, і ад пятай калоны - іх прадстаўнікоў. Усе прапановы я пачуў і пры разглядзе кандыдатур, вядома ж, улічыў іх", - сказаў ён.
Прэзідэнт ахарактарызаваў Наталлю Качанаву як вопытнага дзяржаўнага дзеяча, вельмі адданага дзяржаве чалавека. "Чалавек, які прыйшоў знізу. Для мяне гэта вельмі важна", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, у Адміністрацыі Прэзідэнта патрэбны тонкі і гібкі арганізатар бягучых працэсаў і вырашэння адпаведных пытанняў. "Працуючы ва ўрадзе, вы ўжо ўбачылі тое, што трэба рабіць і чаго рабіць ні ў якім разе нельга. Так ці інакш, вам давядзецца сутыкацца і абапірацца на той вопыт работы, які вы набылі ва ўрадзе", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да Наталлі Качанавай.
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў арганізатарскія здольнасці Максіма Рыжанкова, нягледзячы на некаторыя правалы ў спорце. "Гэта, зразумела, не столькі ваша віна. Але мяне падкупляе ваша адказнасць і перажыванне за справу. А таксама энергія, з якой вы працуеце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт разлічвае, што сумесная работа Наталлі Качанавай і Максіма Рыжанкова дасць добры эфект.