29 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў 29-30 кастрычніка ў Душанбэ прыме ўдзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Савета Міністраў Беларусі.
У праект парадку дня пасяджэння вынесены пытанні, якія ў асноўным датычаць развіцця ўзаемадзеяння ў эканамічнай сферы. У прыватнасці, гэта рэалізацыя Дагавора аб зоне свабоднага гандлю, дзейнасць галіновых органаў у сферы эканомікі, мерапрыемствы па рэалізацыі трэцяга этапа Стратэгіі эканамічнага развіцця СНД, пытанні інавацыйнага супрацоўніцтва, канкурэнцыі на таварных рынках, электрасувязі, энергетыкі, рынку каштоўных папер, а таксама вялікі блок дакументаў фінансавага характару.
Акрамя таго, як паведамляе прэс-служба Выканкама СНД, кіраўнікі урадаў разгледзяць дакументы, што рэгламентуюць узаемадзеянне ў галіне фізкультуры і спорту, міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва, адукацыі, медыка-сацыяльнай дапамогі ветэранам, прадухілення і ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый і бяспекі.