9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў 12-13 снежня наведае з рабочым візітам Боснію і Герцагавіну, дзе прыме ўдзел у пасяджэнні кіраўнікоў урадаў дзяржаў - членаў Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы (ЦЕІ), якое пройдзе ў Сараеве. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў прэс-сакратар кіраўніка беларускага ўрада Уладзіслаў Сычэвіч.
Андрэй Кабякоў выступіць з дакладам аб прыярытэтах маючага адбыцца старшынства Беларусі ў ЦЕІ ў 2017 годзе.
Праграмай рабочага візіту запланаваны шэраг двухбаковых сустрэч прэм'ер-міністра з кіраўнікамі ўрадаў, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні.
Цэнтральнаеўрапейская ініцыятыва - рэгіянальнае аб'яднанне, у склад якога цяпер уваходзяць 18 дзяржаў: Албанія, Аўстрыя, Беларусь, Боснія і Герцагавіна, Балгарыя, Венгрыя, Італія, Македонія, Малдова, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія, Харватыя, Чэхія, Чарнагорыя і Украіна. Беларусь далучылася да аб'яднання ў чэрвені 1996 года. ЦЕІ адыгрывае ролю важнага форуму для развіцця ўзаемадзеяння дзяржаў Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы ў сферах трансгранічнага супрацоўніцтва, энергетыкі, транспарту, навукі і тэхналогій, адукацыі, культуры, малога і сярэдняга бізнесу, сельскай гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя і інш. У 2016 годзе старшынства ў ЦЕІ ажыццяўляе Боснія і Герцагавіна. У наступным годзе старшынства пяройдзе Беларусі.