27 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў прапануе Еўразійскаму банку развіцця падрыхтаваць асобную стратэгію супрацоўніцтва з Беларуссю. Аб гэтым кіраўнік беларускага ўрада заявіў сёння на сустрэчы са старшынёй праўлення ЕАБР Андрэем Бельянінавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы ведаем, што цяпер будзе ўдакладняцца стратэгія развіцця банка, і вельмі разлічваем, што Беларусь у ёй таксама знойдзе сваё дастойнае месца. Мы таксама хочам вам прапанаваць разгледзець пытанне падрыхтоўкі індывідуальнай стратэгіі ЕАБР і Беларусі, дзе будуць дакладна прапісаны асноўныя моманты, на якія мы будзем арыентавацца ў развіцці супрацоўніцтва", - адзначыў Андрэй Кабякоў. У Беларусі ўжо ёсць вопыт работы ў такім фармаце з іншымі міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі.
Беларусь таксама разлічвае на аднаўленне і нарошчванне аб'ёмаў праектнага фінансавання. "Апошнім часам аб'ёмы ўзаемадзеяння крыху скараціліся, але мы спадзяёмся, што ў бліжэйшы час гэту сітуацыю выправім", - сказаў прэм'ер-міністр.
Андрэй Кабякоў выказаў упэўненасць, што дзейнасць банка будзе садзейнічаць далейшаму развіццю інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы. Беларусь гатова прапанаваць для гэтага праекты, якія будуць мець добры інтэграцыйны эфект.
Андрэй Бельянінаў адзначыў нацэленасць банка на развіццё адносін з Беларуссю і прапанаваў правесці сённяшнюю сустрэчу з улікам прадстаўнічага складу беларускай дэлегацыі ў фармаце рабочай нарады, каб абмеркаваць перспектывы ўзаемадзеяння.
Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) з'яўляецца міжнароднай фінансавай арганізацыяй, заснаванай Расіяй і Казахстанам у студзені 2006 года ў мэтах садзейнічання развіццю рыначнай эканомікі дзяржаў-удзельніц, іх устойліваму эканамічнаму росту і пашырэнню ўзаемных гандлёва-эканамічных сувязей. Статутны капітал ЕАБР складае $7 млрд. Дзяржавамі - удзельніцамі банка з'яўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.