13 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў прапанаваў правесці пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета восенню ў Мінску. З такой ініцыятывай ён выступіў сёння ў Маскве на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Андрэй Кабякоў адзначыў, што сустрэчы кіраўнікоў урадаў краін ЕАЭС у 2015 годзе былі даволі перыядычнымі: адбыліся тры пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета. "Спадзяюся, у гэтым годзе планку мы зніжаць не будзем. Тым больш што пытанняў у нас менш не стала, а іх значнасць нават узрасла", - сказаў прэм'ер-міністр.
Пры гэтым ён дадаў, што да восені сустрэчы прэм'ер-міністраў краін ЕАЭС могуць адбыцца ў сталіцах дзвюх дзяржаў - удзельніц саюза.