28 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Завяршэнне распрацоўкі пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі ў СНД з'яўляецца прыярытэтнай мэтай, заявіў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на адкрыцці міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "25 гадоў Садружнасці Незалежных Дзяржаў: вынікі, перспектывы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Прыярытэтнай мэтай з'яўляецца завяршэнне падрыхтоўкі пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі, якое дасць магчымасць нам працаваць у фармаце "СГА+", - адзначыў Андрэй Кабякоў.
Ён нагадаў, што ў бягучым годзе быў падпісаны міждзяржаўны пратакол аб дзяржаўных закупках. "Тым самым мы ставім перад сабой задачу яшчэ больш пашырыць свабоду руху тавараў і паслуг за кошт збліжэння на прасторы Садружнасці ўмоў доступу да дзяржаўных закупак і забеспячэння інфармацыйнай адкрытасці адпаведных працэдур", - канстатаваў Андрэй Кабякоў.
Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што 25 гадоў - важная вяха ў гісторыі Садружнасці Незалежных Дзяржаў. "За чвэрць стагоддзя праведзена вялікая карпатлівая работа па развіцці супрацоўніцтва нашых дзяржаў па самым шырокім спектры напрамкаў: эканоміка, навука, спорт, культура і, зразумела, вельмі актуальныя пытанні бяспекі і барацьбы з тэрарызмам", - сказаў ён.
Паводле слоў кіраўніка ўрада, асобнае месца ў гэтым спісе займаюць праблемы эканамічнага ўзаемадзеяння. "Ва ўмовах цяперашняй нестабільнай фінансавай сітуацыі праведзеная намі работа па наладжванні ўзаемавыгаднага эканамічнага супрацоўніцтва выглядае сур'ёзным пазітыўным фактарам, які змякчае негатыўны эфект ад праблем глабальнага рынку", - лічыць ён.
Андрэй Кабякоў адзначыў, што падпісанне краінамі - удзельніцамі Садружнасці дагавора аб зоне свабоднага гандлю стала адной з ключавых мер развіцця ўзаемных гандлёвых адносін і фарміравання свабоднай канкурэнцыі, забеспячэння абароны інтарэсаў бізнесу. "Менавіта зона свабоднага гандлю з'яўляецца тым базісам, на аснове якога мы прадаўжаем захоўваць устойлівыя эканамічныя сувязі, нягледзячы на ўдзел нашых дзяржаў у розных інтэграцыйных утварэннях на постсавецкай прасторы", - сказаў ён.
Сёння ў Мінску адкрылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "25 гадоў Садружнасці Незалежных Дзяржаў: вынікі, перспектывы". У форуме прымаюць удзел больш як 200 прадстаўнікоў усіх краін Садружнасці: дзяржаў СНД - супрацоўнікі дзяржаўных органаў, дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Беларусі, паслы і пастаянныя прадстаўнікі краін СНД, прадстаўнікі органаў СНД і базавых арганізацый краін СНД, члены Камісіі па эканамічных пытаннях пры Эканамічным савеце СНД, кіраўнікі буйнейшых навуковых і навучальных устаноў, вядучыя вучоныя і спецыялісты, дзеячы культуры - каб падвесці вынікі 25-годдзя Садружнасці Незалежных Дзяржаў і выпрацаваць канкрэтныя рэкамендацыі па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці Садружнасці на перспектыву.
На канферэнцыі прадугледжаны 4 секцыі "Эканамічнае ўзаемадзеянне і ўдасканаленне заканадаўчай базы дзяржаў - удзельніц СНД"; "Навука і інавацыйнае супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД"; "Узаемадзеянне дзяржаў - удзельніц СНД у сферы культуры, турызму, спорту і маладзёжнай палітыкі" і "Узаемадзеянне дзяржаў - удзельніц СНД у сферы бяспекі, барацьбы са злачыннасцю і тэрарызмам".
У час канферэнцыі пройдзе пасяджэнне Савета Міжнароднай асацыяцыі акадэміі навук (МААН), пасяджэнне Кансультатыўнага савета МААН па пытаннях аховы інтэлектуальнай уласнасці і перадачы тэхналогій. Вядучыя вучоныя і спецыялісты абмяркуюць навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва ў галіне выкарыстання космасу, а таксама перспектыўныя напрамкі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.