24 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў даручыў да канца жніўня завяршыць работу па фарміраванні пакета прагнозных дакументаў 2019 года. Аб гэтым ён заявіў сёння ў час пасяджэння Прэзідыума Савета Міністраў, на якім былі разгледжаны праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі і асноўных параметраў рэспубліканскага бюджэту на 2019 год, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт урада.
Андрэй Кабякоў адзначыў, што актыўная работа над праектам прагнозных дакументаў вядзецца ўжо на працягу чатырох месяцаў. "За аснову ўзяты два сцэнарыі развіцця эканомікі ў залежнасці ад розных знешніх і ўнутраных умоў. Першы - гэта мэтавы сцэнарый, на аснове якога распрацаваны праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Ён арыентаваны на дасягненне мэт, пастаўленых праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады. Для разліку бюджэту мы вызначыліся ўзяць за аснову базавы сцэнарый развіцця. Гэты сцэнарый адрозніваецца ад мэтавага як менш спрыяльнымі знешнеэканамічнымі ўмовамі па цэнавым фактары, так і больш умеранымі тэмпамі развіцця нашых асноўных гандлёвых партнёраў. З'яўляючыся краінай з адкрытай эканомікай, мы павінны аб'ектыўна ўлічваць магчымыя рызыкі і ў адпаведнасці з імі планаваць расходы бюджэту", - сказаў прэм'ер-міністр.
Паводле яго слоў, праектамі прапануюцца важнейшыя параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця, якія будуць з'яўляцца ключавымі паказчыкамі эфектыўнасці работы ўрада і Нацыянальнага банка на 2019 год.
Кіраўнік урада таксама адзначыў, што стаіць задача па забеспячэнні збалансаванасці плацежнага балансу і зніжэнні ўзроўню дзяржаўнага доўгу. Сярод задач таксама зніжэнне міжрэгіянальнай дыферэнцыяцыі ва ўзроўні і якасці жыцця насельніцтва. Дасягненне гэтай мэты запатрабуе далейшай работы па стварэнні новых высокапрадукцыйных рабочых месцаў з дастойнай аплатай працы. Таксама неабходна істотна павысіць канкурэнтаздольнасць тавараў і паслуг на знешніх і ўнутраным рынках.
Што датычыцца бюджэтна-падатковай палітыкі, то, паводле слоў Андрэя Кабякова, асноўная работа над падрыхтоўкай новай рэдакцыі Падатковага кодэкса ў цэлым завершана. У гэтай рабоце акрамя зацікаўленых дзяржаўных органаў актыўна прымалі ўдзел прадстаўнікі бізнесу.