27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сустрэча прэм'ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова са старшынёй урада Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым прайшла ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў кіраўнік беларускага ўрада ў пачатку перагавораў, у дзвюх краін "назбіралася шэраг актуальных пытанняў, якія неабходна абмеркаваць". Ён падкрэсліў, што паміж краінамі традыцыйна развіваецца ўзаемавыгаднае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Разам з тым ёсць шэраг момантаў, якія патрабуюць пэўных рашэнняў.
У сваю чаргу Дзмітрый Мядзведзеў прапанаваў разгледзець у час двухбаковых перагавораў бягучы стан адносін Беларусі і Расіі, эканамічныя задачы, якія стаяць перад краінамі, праблемы і перспектывы двухбаковага ўзаемадзеяння. Ён таксама адзначыў неабходнасць абазначэння планаў па далейшым развіцці супрацоўніцтва дзвюх краін з улікам бягучай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў Беларусі і Расіі.
"Упэўнены, пры жаданні мы можам знайсці выхад з самых розных сітацый, з якімі сутыкаемся. Я і мае калегі гатовы абмеркаваць актуальныя пытанні", - сказаў ён.
Андрэй Кабякоў і Дзмітрый Мядзведзеў 27 кастрычніка прынялі ўдзел у пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета, які прайшоў у Мінску. Былі разгледжаны ключавыя пытанні інтэграцыйнага парадку дня ЕАЭС. Усяго 11 пытанняў. У прыватнасці, абмеркаваны праект новага Мытнага кодэкса Еўразійскага эканамічнага саюза, праект бюджэту саюза на 2017 год, ход работы па міжнароднай дзейнасці Еўразійскай эканамічнай камісіі, асобныя аспекты гандлёвай палітыкі, у тым ліку прамяненне антыдэмпінгавых мер.