23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выбары Прэзідэнта Беларусі адбудуцца не раней за 4 кастрычніка. Аб гэтым заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў час інтэрактыўнага ток-шоу "Справа прынцыпу" на тэлеканале АНТ, паведамляе БЕЛТА.
"На правядзенне выбарчай кампаніі даецца тры месяцы. Таму, калі выбары будуць аб'яўляцца 30 чэрвеня, яны будуць назначаны не раней, чым на 4 кастрычніка - першую нядзелю месяца. Гэта дакладна. Могуць назначыць правесці іх пазней - да 15 лістапада", - сказала Лідзія Ярмошына.
Як паведамлялася, раней ЦВК прапанаваў правесці выбары Прэзідэнта Беларусі 11 кастрычніка. Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, гэта дата апраўдана, таму што не давядзецца збіраць пазачарговую сесію парламента.