16 кастрычніка, Мінск /Васіль Малашэнкаў - БЕЛТА/. Кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, як чакаецца, пачнецца ў чэрвені 2016 года. Аб гэтым сёння паведаміла журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Старшыня ЦВК растлумачыла, што парламенцкія выбары, верагодней за ўсё, пройдуць у верасні 2016 года. Падрыхтоўку да іх Цэнтрвыбаркам пачне адразу, як толькі завершыць работу, звязаную з праведзенымі прэзідэнцкімі выбарамі. "Думаю, што пасля Новага года мы адразу пачнём ствараць матэрыялы для парламенцкіх выбараў", - сказала Лідзія Ярмошына.
Разам з тым Лідзія Ярмошына адзначыла, што пераход на змешаную сістэму выбараў у парламент Беларусі немагчымы, пакуль існуе норма аб адкліканні дэпутатаў. "На мой погляд, не (немагчыма. - Заўвага БЕЛТА). Гэта супярэчыць Канстытуцыі Беларусі. Пакуль у нас будзе існаваць інстытут адклікання дэпутатаў, я аб гэтым гавару пастаянна, мы не можам увесці змешаную сістэму. Усе дэпутаты павінны мець аднолькавы аб'ём правоў і абавязкаў", - падкрэсліла яна.