12 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў забяспечыць размяшчэнне на тэрыторыі краіны расійскага ракетнага комплексу "Арэшнік" і правільна спланаваць яго прымяненне. Аб гэтым, адказваючы на пытанні журналістаў, паведаміў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл - першы намеснік міністра абароны Беларусі Павел Муравейка па выніках пасяджэння Савета бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Журналісты ўдакладнілі, ці абмяркоўвалася ў ходзе пасяджэння тэма пастаўкі ў Беларусь сучаснага расійскага комплексу "Арэшнік" і ці былі нейкія дадатковыя даручэнні кіраўніка дзяржавы наконт гэтага.
"Даручэнне адно - забяспечыць размяшчэнне на нашай тэрыторыі "Арэшніка" і правільна спланаваць яго прымяненне", - сказаў Павел Муравейка.
На ўдакладняльнае пытанне, колькі менавіта такіх комплексаў плануецца паставіць у Беларусь, начальнік Генштаба адказаў: "Пра гэта ведае толькі Прэзідэнт Расіі".
Характарызуючы ў цэлым абстаноўку, якая складваецца вакол Беларусі, Павел Муравейка падкрэсліў, што назваць яе спакойнай нельга. Гэтаму садзейнічае і мілітарызацыя суседніх краін, якая прадаўжаецца, і падзеі, што адбываюцца ва Украіне, і інфармацыйная кампанія, разгорнутая ў адносінах да Беларусі з мэтай дыскрэдытаваць органы ўлады і кіраўніцтва краіны, каб забяспечыць умовы для ўзнікнення або правакавання розных канфліктаў.
Як паведамлялася, прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы 6 снежня ў Мінску дамовіліся, што Расія паставіць у Беларусь сучасны ракетны комплекс "Арэшнік". З адпаведнай просьбай да кіраўніка расійскай дзяржавы звярнуўся беларускі лідар, і Прэзідэнт Расіі адказаў станоўча. "Я хачу публічна папрасіць вас, каб новыя сістэмы ўзбраення, і перш за ўсё "Арэшнік", былі размешчаны на тэрыторыі Беларусі. Гэта сур'ёзна супакоіла б некаторых, якія ўжо гатовы ваяваць супраць Беларусі", - сказаў тады Аляксандр Лукашэнка.
"У нас ёсць вызначаныя месцы, дзе мы можам размясціць гэту зброю. З адной толькі ўмовай - што цэлі для гэтай зброі будуць вызначацца ваенна-палітычным кіраўніцтвам Беларусі. А пакуль вы нас абучыце карыстацца гэтай зброяй, калі гэта будзе зроблена (будзе прынята станоўчае рашэнне па размяшчэнні ў Беларусі. - Заўвага БЕЛТА), каб спецыялісты Расійскай Федэрацыі абслугоўвалі і ажыццяўлялі пускі па вызначаных цэлях баявымі зарадамі "Арэшніка". Вы гэта ўмееце рабіць, вы гэта прадэманстравалі нядаўна", - падкрэсліў беларускі лідар.
У час рабочай паездкі ў Барысаў 10 снежня кіраўнік дзяржавы растлумачыў, дзе менавіта плануюць размясціць "Арэшнік": "Мы цяпер думаем, дзе, на якіх плошчах размясціць гэту зброю. У нас ад размяшчэння стратэгічных ядзерных ракет пляцоўкі захаваны".
"У нас дзясяткі тры такіх пляцовак. Вось мы выберам, таму што там мінімальная адлегласць да аб'ектаў паражэння павінна быць. Размесцім і нацэлім. Вы, напэўна, заўважылі, што мая ўмова Пуціну была адна: "Цэлі вызначаць будзем мы ў Беларусі, не расіяне. Але эксплуатаваць дапаможаце". Гэта значыць, разам будзем націскаць на кнопку, не дай бог, калі гэта трэба. Але цэлі будзем вызначаць мы. Пагадзіўся", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што такое рашэнне - размясціць "Арэшнік" у Беларусі, - узбударажыла ўвесь свет, але на тое ёсць свае прычыны. "А чаго бударажыцца? Я яму (Прэзідэнту Расіі. - Заўвага БЕЛТА) кажу: "А чаго мы перажываем? Амерыканцы заўтра з немцамі, яны аб гэтым заявілі, будуць на ўзбраенне ў Еўропе ставіць такую зброю - сярэдняй далёкасці. Гэта не "Арэшнік", але сярэдняй далёкасці. Мы ў адказ гэта робім", - расказаў ён.
Прэзідэнт разлічвае на стрымальны эфект ад размяшчэння "Арэшніка", як гэта адбываецца з тактычнай ядзернай зброяй, якая таксама ўвезена ў Беларусь. Але калі прымяненне ядзернай зброі спалучана з вялізнай адказнасцю, то гэтыя сучасныя ракетныя комплексы з'яўляюцца хоць і магутным, але звычайным узбраеннем.
"Калі ў нас будзе звычайная такая магутная зброя, перш чым да нас сунуцца з танкамі, якія палякі закупляюць там ад Карэі да Амерыкі і нейкімі іншымі БМП, ракетамі, яны моцна падумаюць. Таму што адказ будзе сур'ёзны. І сапраўды супраць гэтай зброі проціяддзя няма. Яе немагчыма перахапіць, збіць і гэтак далей", - заявіў Прэзідэнт.