1 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віктар Гумінскі прапануе Балгарыі адкрыць новую старонку ў парламенцкіх адносінах. Аб гэтым ён паведаміў сёння ў час сустрэчы са старшынёй камісіі Народнага сходу гэтай краіны па эканамічнай палітыцы і турызме Пятром Кыневым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У прыватнасці, Віктар Гумінскі звярнуў увагу, што з 2002 года паміж дзвюма краінамі не былі арганізаваны візіты на ўзроўні парламенцкіх дэлегацый, якія ў заканадаўчым плане з'яўляюцца асновай для развіцця далейшых адносін. "Хацелася б, каб бягучы візіт вашай дэлегацыі адкрыў новую старонку ў парламенцкіх адносінах", - сказаў ён. Напрыклад, на думку намесніка старшыні Палаты прадстаўнікоў, у дзвюх краін акрамя ўзаемадзеяння ў двухбаковым фармаце ёсць магчымасці для больш цеснага супрацоўніцтва на трэціх пляцоўках у рамках міжнародных арганізацый - адной з такіх арганізацый з'яўляецца АБСЕ.
Між тым, паводле слоў Віктара Гумінскага, па выніках 2015 года тавараабарот Беларусі і Балгарыі склаў каля $130 млн (118,4 працэнта да 2014-а), аднак для яго павелічэння ёсць магчымасці. Пры гэтым экспарт склаў каля $92 млн, імпарт - больш як $34 млн, а сальда двухбаковага гандлю упершыню больш як за дзесяць гадоў склалася дадатнае ў памеры больш як $57 млн.
У сваю чаргу Пётр Кынеў асаблівы акцэнт зрабіў на развіцці адносін у турыстычным напрамку. Ён звярнуў увагу, што для Балгарыі сфера турызму з'яўляецца адной з найважнейшых і ў гэтым годзе ў сувязі негатыўнымі падзеямі ў некаторых курортных краінах чакаецца значны прыток турыстаў у Балгарыю.
Пётр Кынеў таксама паведаміў, што на пачатак лета запланавана наступнае пасяджэнне змешанай беларуска-балгарскай міжурадавай камісіі.
Цяпер дагаворна-прававая база супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Балгарыяй змяшчае 6 міждзяржаўных, 11 міжурадавых і 7 міжведамасных дагавораў і пагадненняў. Акрамя таго, прайшлі міжведамаснае ўзгадненне праект пагаднення аб супрацоўніцтве ў барацьбе са злачыннасцю і праект пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Накіраванне іх у Савет Міністраў Балгарыі і падпісанне чакаецца ў 2016 годзе.
Усяго, паводле існуючай інфармацыі, на разглядзе балгарскага боку знаходзяцца 8 праектаў міжнародна-прававых дакументаў.
На 11-12 красавіка бягучага года запланавана правядзенне ў Мінску кансультацый паміж МЗС па інвентарызацыі дагаворна-прававой базы двухбаковага супрацоўніцтва.