Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

29 Чэр 2020

Генпракуратура: публічныя паклёп і знявагі ў інтэрнэце праследуюцца па законе

Генпракуратура: публічныя паклёп і знявагі ў інтэрнэце праследуюцца па законе
Фота з архiва

29 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Публічныя паклёп і знявагі ў інтэрнэце праследуюцца па законе, заявіў журналістам выконваючы абавязкі начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян Генеральнай пракуратуры Павел Елісееў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Публічныя паклёп, знявагі ў сетцы інтэрнэт не толькі непрымальныя, але і праследуюцца па законе. За такія дзеянні можа быць крымінальная, адміністрацыйная і грамадзянска-прававая адказнасць", - расказаў Павел Елісееў.

Паводле яго слоў, апошнім часам значна ўзрасла колькасць зваротаў у органы ўнутраных спраў, непасрэдна ў МУС. Грамадзяне скардзяцца на некарэктную крытыку, публічнае праследаванне, знявагі і пагрозы, якія размяшчаюцца на розных інтэрнэт-рэсурсах, у тым ліку ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах, за выказванне сваёй пазіцыі па розных пытаннях грамадска-палітычнага жыцця краіны. "Відавочна, што цяперашняя сітуацыя стала магчымай з-за памылковага ўспрымання інтэрнэту як тэрыторыі ўсёдазволенасці, а ананімнага фармату - як гарантыі беспакаранасці за пэўныя непрыстойныя дзеянні", - адзначыў в.а. начальніка аддзела.

Павел Елісееў падкрэсліў, што свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне замацаваны Канстытуцыяй і гарантаваны дзяржавай. "У краіне праходзіць выбарчая кампанія па выбарах Прэзідэнта, у рамках якой кожная асоба, якая дасягнула 18 гадоў, мае права рэалізаваць сваё асноватворнае грамадзянскае права - выбіраць і быць выбранай. Генеральная пракуратура заўсёды зыходзіла і зыходзіць з таго, што грамадзяне незалежна ад іх палітычных перакананняў і прыхільнасцей маюць роўныя правы на публічнае выказванне свайго меркавання, сваёй пазіцыі. У перыяд выбарчых кампаній палеміка і абмен думкамі могуць дасягаць асаблівага напалу. Гэта нармальны працэс для любой дэмакратычнай дзяржавы. Аднак спадарожная ўмова такой свабоды - перш за ўсё захаванне элементарнай культуры, калі дыскусія або абмен думкамі не пераходзяць меж прыстойнасці або закону", - сказаў ён.

Распаўсюджванне ў СМІ, інтэрнэце, іншай сетцы электрасувязі заведама непраўдзівых звестак (паклёп), якія ганьбяць іншую асобу, або паклёп, што змяшчае абвінавачанне ва ўчыненні цяжкага і асабліва цяжкага злачынства, караюцца акрамя штрафу арыштам або абмежаваннем волі тэрмінам да 3 гадоў. Аналагічныя санкцыі прадугледжаны за наўмыснае зневажанне гонару і годнасці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме (знявага), шляхам таксама распаўсюджвання такіх звестак у СМІ і інтэрнэце. Размяшчэнне на электронных рэсурсах пагроз нанясення шкоды жыццю і здароўю грамадзян або іх маёмасці таксама прыводзіць да крымінальнага праследавання, паколькі замахваецца на асноватворныя правы грамадзян - жыццё, здароўе і недатыкальнасць асабістай уласнасці. Такія дзеянні прадугледжваюць максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 2 гадоў.

"Генеральная пракуратура заклікае абдумана і ўзважана падыходзіць да рэалізацыі свайго права на свабоднае выказванне меркавання, не дапускаць дзеянняў, якія парушаюць правы іншых грамадзян незалежна ад палітычных перакананняў, сацыяльнай і прафесійнай прыналежнасці, - дадаў Павел Елісееў. - Разгляд органамі ўнутраных спраў зваротаў і скаргаў грамадзян па такой тэматыцы знаходзіцца на асаблівым кантролі Генеральнай пракуратуры. Пры пацвярджэнні фактаў парушэння закону будуць прымацца меры рэагавання, а вінаватыя - прыцягвацца да адказнасці, устаноўленай законам. Перакананы, што ўзаемнае паважанне правоў і свабод кожнага члена грамадзянскай супольнасці разам з прынцыповай пазіцыяй праваахоўных органаў дасць магчымасць папярэджваць і аператыўна рэагаваць на факты парушэння правоў і свабод грамадзян".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі