29 красавіка, Урумчы /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Генеральны сакратар міжнароднай выстаўкі ЭКСПА "Кітай-Еўразія", генеральны дырэктар упраўлення па справах міжнародных выставак СУАР Лі Цзінюань у маі плануе наведаць Беларусь, паведаміў ён карэспандэнту БЕЛТА.
Лі Цзінюань у час сустрэч і перагавораў у Беларусі мае намер абмеркаваць сіньцзянска-беларускае гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне. Размова пойдзе таксама аб удзеле Беларусі ў 5-й міжнароднай выстаўцы ЭКСПА "Кітай-Еўразія", якая ў верасні адбудзецца ў Урумчы.
Прадстаўнік СУАР ужо наведваў Беларусь і быў па-добраму ўражаны: у краіне вырабляецца якасная прадукцыя, у тым ліку малако, сыры, ільняныя тавары, добра развіты аграпрамысловы комплекс, у гарадах - чысціня і парадак. Асаблівыя ўспаміны засталіся ад наведвання музея Вялікай Айчыннай вайны, які адлюстроўвае гераізм і стойкасць беларускага народа. Яму запомнілася Белавежская пушча, у цэлым беларуская прырода.
ЭКСПА "Кітай-Еўразія" набывае ўсё большую папулярнасць не толькі ў рэгіёне, але і ў свеце. Выстаўка стала важнай платформай для дыялогу на вышэйшым узроўні паміж Кітаем і еўразійскімі краінамі.