13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Генеральная Асамблея ААН кансэнсусам прыняла ініцыіраваную Беларуссю рэзалюцыю "Міжнародная асацыяцыя пастаянных прадстаўнікоў пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.
У рэзалюцыі прызнаецца важная роля асацыяцыі, а таксама яе ўклад у дзейнасць ААН і наладжванне больш цесных міжасобасных сувязей і стварэнне атмасферы давернага і адкрытага дыялогу.
Рэзалюцыя санкцыянуе выкарыстанне асацыяцыяй сваёй эмблемы разам з эмблемай ААН і стварэнне спецыяльнага раздзела на інтэрнэт-сайце арганізацыі.
Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас, які з'яўляецца дзеючым членам асацыяцыі, адзначыў своечасовасць прызнання гэтай структуры ў ААН, а таксама яе высокі патэнцыял па пераадоленні фармалізму, уласцівага ўзаемадзеянню дзяржаў у рамках Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
Асаблівая роля Беларусі ў пашырэнні рэзалюцыі была падкрэслена старшынёй асацыяцыі.
Суаўтарамі рэзалюцыі выступілі 24 дзяржавы: Аўстралія, Бангладэш, Беларусь, Венгрыя, В'етнам, Гандурас, Індыя, Ісландыя, Каба-Вердэ, Казахстан, Катар, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Куба, Малайзія, Непал, Нідэрланды, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Пакістан, Расія, Саудаўская Аравія, Туніс, Туркменістан, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка і Шры-Ланка.
Міжнародная асацыяцыя пастаянных прадстаўнікоў пры ААН была заснавана ў Нью-Ёрку ў 1998 годзе. Мэты асацыяцыі - служыць форумам паміж былымі і дзеючымі пастаяннымі прадстаўнікамі пры ААН, падтрымліваць сувязь паміж імі і выступаць у якасці каардынацыйнага цэнтра для іх удзелу ў дзейнасці розных міжнародных інстытутаў і форумаў. Цяпер яе членамі з'яўляюцца больш за 200 былых і дзеючых кіраўнікоў місій пры ААН. Кіраўнік асацыяцыі - пастаянны прадстаўнік Гандураса, які прымаў актыўны ўдзел у пашырэнні беларускай ініцыятывы.