14 лістапада, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Ганаровае консульства Рэспублікі Казахстан сёння адкрылася ў Магілёве. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Казахстана ў Беларусі Ермухамет Ертысбаеў і старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Адкрыццё консульства ў Магілёве не выпадкова, таму што Магілёўская вобласць з'яўляецца вельмі значным партнёрам Казахстана, а наш знешнегандлёвы абарот вылічаецца дзясяткамі мільёнаў долараў", - адзначыў Ермухамет Ертысбаеў.
Магілёўскую вобласць і Казахстан звязваюць цесныя міжрэгіянальныя сувязі: дагаворы аб супрацоўніцтве заключаны паміж Магілёўскай вобласцю і Усходне-Казахстанскай, Паўднёва-Казахстанскай абласцямі, пагадненне аб супрацоўніцтве маюць Магілёў і горад Семей. На тэрыторыі Магілёўскай вобласці пражываюць больш за 400 грамадзян Казахстана. "Адкрыццё ганаровага консульства, на наш погляд, надасць новы імпульс развіццю ўсебаковага супрацоўніцтва", - сказаў дыпламат.
"Казахстан - адзін з асноўных эканамічных партнёраў Магілёўскай вобласці", - адзначыў Уладзімір Даманеўскі. У студзені-верасні бягучага года знешнегандлёвы абарот паміж суб'ектамі гаспадарання вобласці і Казахстана вырас на 57 працэнтаў і склаў $82,8 млн, пры гэтым экспарт у Казахстан павялічыўся на 52,4 працэнта. "Мы ўпэўнены, што гэта не мяжа, і разлічваем, што адкрыццё консульства будзе садзейнічаць актывізацыі нашага супрацоўніцтва", - выказаў упэўненасць Уладзімір Даманеўскі.
Ганаровым консулам у Магілёў назначаны ўраджэнец Мінска Сяргей Дземяшкевіч. З 2005 года ён мае пасведчанне на права жыхарства ў Рэспубліцы Казахстан, жыве ў сталіцы Беларусі. З'яўляецца ўладальнікам і дырэктарам кампаніі Гандлёвы дом "Керамін Астана", уладальнікам кампаніі "Керамір" (Астана). З 2008 года - намеснік старшыні і генеральны сакратар Беларускай федэрацыі барацьбы.