2 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Галоўным пытаннем на маючай адбыцца сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна будзе абмеркаванне 28 саюзных праграм. Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў сёння журналістам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Звычайна ў час такіх сустрэч абмяркоўваюцца ўсе пытанні, пачынаючы ад адкрыцця граніц у цяперашняй пандэмійнай сітуацыі да пытанняў ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Абмяркоўваецца сітуацыя ўнутры нашых дзяржаў і міжнародная абстаноўка. Але на маючай адбыцца сустрэчы напэўна галоўным будзе пытанне, звязанае з абмеркаваннем 28 саюзных праграм, работа над якімі доўжыцца ўжо больш як тры гады. Яны падрыхтаваны, будуць у бліжэйшыя дні даложаны прэзідэнтам Беларусі і Расіі. На гэтай сустрэчы, я мяркую, будуць прыняты адпаведныя рашэнні па далейшых кроках, звязаных з рэалізацыяй гэтых саюзных праграм", - сказаў міністр.
Як паведамлялася БЕЛТА, напярэдадні гэту тэму каменціраваў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. "Перш за ўсё хачу падкрэсліць (цяпер жа будуць вякаць, што здаём суверэнітэт і незалежнасць і гэтак далей): мы больш як тры гады таму, яшчэ ў Сочы, паставілі перад урадамі задачу - зрабіць чарговы крок у нашым саюзным будаўнiцтве. Неяк усё замылілі, не было яркіх прарыўных рухаў, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Тады, рэагуючы на патрабаванні народаў, мы з Прэзідэнтам Расіі прынялі рашэнне зрабіць нейкія крокі".
Прэзідэнт нагадаў, што пасля гэтага ва ўрадах было выпрацавана больш за 30 так званых дарожных карт. Яны датычыліся развіцця супрацоўніцтва па розных напрамках. З часам гэтыя дарожныя карты ператварыліся ў саюзныя праграмы, іх засталося 28. "Гэта ўжо будуць падпісаныя дагаворы да выканання. Не проста карты, па якіх нехта ісці будзе", - растлумачыў беларускі лідар.
Падпісаць іх на прэзідэнцкім узроўні плануецца на Вышэйшым дзяржсавеце. Яго пасяджэнне хочуць правесці ў кастрычніку-лістападзе. "Калі мы дамовімся канчаткова з Прэзідэнтам Расіі 9-га (на 9 верасня намечаны перагаворы двух лідараў. - Заўвага БЕЛТА), то 10-11-га ўрады збяруцца, разгледзяць, прымуць гэтыя праграмы. А потым мы іх зацвердзім на Вышэйшым дзяржсавеце", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.