14 кастрычніка, Маскат /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка пасля прыбыцця 13 кастрычніка ў Аман правёў кароткую сустрэчу з міністрам замежных спраў Амана Бадрам бен Хамадам Аль-Бусаідзі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы вельмі рады наведаць Аман па запрашэнні. Гэта першы візіт у Аман на ўзроўні кіраўніка ўрада", - сказаў Раман Галоўчанка. Ён таксама нагадаў, што ў 2007 годзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведваў гэту краіну.
Кіраўнік беларускага ўрада адзначыў, што адносіны паміж Беларуссю і Аманам развіваліся вельмі дынамічна. Але ў свеце за апошнія гады адбылося шмат падзей - пандэмія, палітычныя і эканамічныя крызісы. У час візіту прэм'ер-міністра Беларусі ў Аман будуць разгледжаны пытанні развіцця супрацоўніцтва ў новых умовах.
Кіраўнік беларускага ўрада 13 і 14 кастрычніка наведвае Аман з афіцыйным візітам. Запланаваны шэраг важных сустрэч: з наследным прынцам, міністрам моладзі, культуры і спорту Амана Зіязінам бен Хайсамам Аль Саідам, намеснікам прэм'ер-міністра па справах Савета Міністраў Амана Саідам Фахадам бен Махмудам Аль Саідам, старшынёй Дзяржаўнага савета Амана Абдэльмалікам бен Абдалой Аль Халілі. Па выніках візіту будзе падпісаны важкі пакет дакументаў.
Далей, 15 і 16 кастрычніка, Раман Галоўчанка зробіць рабочы візіт у Пакістан, дзе таксама намечаны значныя сустрэчы. У планах прэм'ер-міністра Беларусі ў тым ліку ўдзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў - членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.