23 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ўручыў сёння дзяржаўныя ўзнагароды больш як 60 прадстаўнікам розных сфер. Урачыстая цырымонія прайшла ў Палацы Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Кожны з вас з'яўляецца ўзорам прафесіяналізму, надзейнасці, вернасці абавязку, умення браць на сябе адказнасць за прынятыя рашэнні, за даручаны ўчастак работы. Вы з гонарам ідзяце па сваім працоўным шляху. І вынікі, якіх кожны змог дабіцца, - гэта гордасць для Беларусі", - сказаў Раман Галоўчанка ў час цырымоніі ўзнагароджання.
За самаадданую працу і высокі прафесіяналізм асаблівыя словы ўдзячнасці кіраўнік урада выказаў работнікам аховы здароўя. "Сёння ўся краіна гаворыць вам дзякуй за тое, што вы кожны дзень ратуеце чалавечыя жыцці", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.
У ліку ўзнагароджаных таксама - педагогі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі. "Менавіта дзякуючы вашаму таленту беларуская сістэма адукацыі паспяхова і дастойна развіваецца, актыўна ўкараняе сучасныя тэхналогіі і інавацыі ў адукацыйны працэс", - адзначыў Раман Галоўчанка.
Узнагароды ўручаны дзяржаўным служачым. Прэм'ер-міністр звярнуў увагу, што рэалізацыя маштабных праектаў і якаснае вырашэнне пастаўленых перад дзяржорганамі задач шмат у чым залежыць ад прафесіяналізму кіраўніцкіх кадраў.
Сярод узнагароджаных - дзеячы культуры і мастацтва, прадстаўнікі спартыўнай сферы, грамадскіх аб'яднанняў, ветэранскіх арганізацый, работнікі аграпрамысловага і энергетычнага комплексаў, сферы транспарту, камунікацый, будаўнічай галіны, падатковых органаў.
"У нашай маладой па гістарычных мерках дзяржаве ўжо склаліся свае працоўныя, культурныя традыцыі. І сярод стваральнікаў гэтых традыцый усе вы, безумоўна, знаходзіцеся на перадавой. Вы - гэта чалавечы капітал Беларусі. Упэўнены, што вы не спыніцеся на дасягнутым", - сказаў Раман Галоўчанка. Ён падзякаваў узнагароджаным за добрасумленнае стаўленне да працы, прафесіяналізм, самаадданасць пры выкананні свайго служэбнага абавязку, праяўленую ініцыятыву.