26 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь заўсёды была і застаецца перакананым прыхільнікам еўразійскай інтэграцыі. Аб гэтым прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заявіў на сустрэчы са старшынёй Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Бакытжанам Сагінтаевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь заўсёды была і застаецца перакананым прыхільнікам еўразійскай інтэграцыі, - сказаў Раман Галоўчанка. - Мы максімальна настроены на тое, каб, па-першае, паскорыць працэсы, якія ідуць на еўразійскай прасторы. Па-другое, многія з гэтых працэсаў "вязнуць" ва ўзгадненнях, міждзяржаўных і ўнутраных працэдурах - таму як мага хутчэй трэба перавесці іх у практычную плоскасць. У нас засталося менш як два гады для таго, каб завяршыць выкананне стратэгіі еўразійскай інтэграцыі".
Паводле яго слоў, краіны - удзельніцы саюза павінны выступаць адзіным фронтам адносна тых выклікаў і пагроз, з якімі сутыкаюцца. "У нас саюз эканамічны, але эканоміка цяпер якраз-такі знаходзіцца на перадавых пазіцыях з пункту гледжання ўдараў, пагроз, якія зведваюць нашы краіны. У першую чаргу гэта Расійскай Федэрацыя і Рэспубліка Беларусь. Таму пытанні далейшага ўмацавання нашых эканамічных сувязей з'яўляюцца як ніколі актуальнымі", - адзначыў прэм'ер-міністр.