2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь робіць усё магчымае для правядзення перагавораў паміж РФ і Украінай. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка падчас пасяджэння Прэзідыума Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сітуацыя вымушае нас прымаць належныя меры па забеспячэнні ваеннай і эканамічнай бяспекі дзяржавы, стабільнага функцыянавання эканомікі, мірнага і спакойнага жыцця грамадзян. Пасля ўчарашняга вычарпальнага выступлення кіраўніка дзяржавы, які даў дакладны і недвухсэнсоўны адказ на ўсе домыслы і правакацыі адносна ўключанасці Беларусі ў спецыяльную ваенную аперацыю Расіі, як па камандзе актывізаваўся паток фэйкаў і адкрытай маны з боку антыбеларускіх сіл, накіраваных на распальванне беларуска-ўкраінскай варожасці, прыніжэнне дзеянняў Беларусі па дасягненні мірнага ўрэгулявання канфлікту. Падкрэслю: Беларусь цяпер з'яўляецца адзінай краінай у свеце, якая рэальна нешта зрабіла для спробы прымірэння бакоў. І гэта не проста прадастаўленне пляцоўкі для перагавораў", - сказаў Раман Галоўчанка.
Ён падкрэсліў, што беларускім бокам, у першую чаргу кіраўніком дзяржавы, была праведзена тытанічная работа для таго, каб першая сустрэча расійскай і ўкраінскай дэлегацый у прынцыпе адбылася. "І цяпер мы робім усё магчымае, каб адбыўся другі раўнд перагавораў. Нягледзячы на гэта, антыбеларускія сілы нас узмоцнена спрабуюць "далучыць" да гэтага канфлікту", - адзначыў прэм'ер-міністр.
Ён звярнуў увагу на тое, што цяпер калектыўны Захад уводзіць новыя маштабныя абмежаванні адносна фінансавых, прамысловых і іншых сектараў як Расіі, так і Беларусі.