19 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў тэлефоннай размове са старшынёй урада Расіі Міхаілам Мішусціным абмеркаваў далейшую работу для зняцця абмежаванняў на перамяшчэнне праз беларуска-расійскую граніцу, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.
"Раман Галоўчанка праінфармаваў свайго расійскага калегу наконт бягучай сітуацыі ў Беларусі, прымаемых мер па прадухіленні спроб дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне. Адзначыў, што ўсе сферы эканомікі, прамысловы комплекс працуюць у штатным рэжыме", - паведамілі ў прэс-службе.
Прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі пацвердзілі гатоўнасць да ўмацавання гандлёва-эканамічных адносін па ўсім спектры супрацоўніцтва. "Бакі абмеркавалі актуальныя пытанні ўзаемадзеяння і прынялі неабходныя рашэнні. У тым ліку дасягнута дамоўленасць аб сумеснай рабоце адпаведных ведамстваў дзвюх краін па зняцці абмежавання на перамяшчэнне праз беларуска-расійскую граніцу", - адзначылі ў беларускім урадзе.
На заканчэнне размовы бакі падкрэслілі нацэленасць на аператыўнае вырашэнне ўсіх пытанняў у рамках Саюзнай дзяржавы. Па выніках дадзены канкрэтныя даручэнні ведамствам дзвюх краін па рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей.